На працягу выбарчай кампаніі 2020-га Лукашэнка як ніколі актыўна пужаў вяртаньнем у “ліхія 90-я” ў выпадку ягонага сыходу. Арганізаваная злачыннасьць сапраўды можа дасягнуць вялікіх памераў, але калі пайсьці па шляху Грузіі ці Эль-Сальвадору, то можна ўсё зачысьціць.
То бок, усе гэтыя ягоныя пагрозы па-сутнасьці хлусьня. Бо праўда ў тым, што народ баяўся не столькі недзяржаўнай мафіі колькі дзяржаўнай. А менавіта — калі “незалежнасьць звалілася нам на галаву” ў вельмі многіх былі прыстойныя сумы на банкаўскіх рахунках. Урад выдатна ведаў, што робіць калі штучна арганізаваў гіпэрінфляцыю і выключна прывілеяваным ці інакш кажучы “сваім” раздаў дармовыя крэдыты. Усё было зроблена чыста “па-Леніну”, пра што пазьней.
Гэтыя грошы неабходна было неадкладна ў нешта ўкладаць таму з’явіліся розныя “фірмы”, а хто баяўся камэрцыйнай рызыкі рабілі адзінае лягічнае, што можна было зрабіць у такой сытуацыі - ўкладаліся ў нерухомасьць. Так і з’явіліся ўсе гэтыя катэджныя пасёлкі. Людзь проста бачылі, што іх абводзяць вакол пальца на іхных уласных вачох і захацелі справядлівасьці.
І Лукашэнка разам з Кебічам былі менавіта кандыдатамі ад той самай улады. Проста Лукашэнка аказаўся больш маладым, энэргічным і г.д. І ён паабяцаў “навесьці парадак”. То бок, атрымліваецца прагаласавалі за самага таго “мафіёзі”. Што ён зрабіў? Усё проста. Разагнаў усе гэтыя вулічныя гоп-стоп банды - хто ў турму, хто ў Расею. Усё гэта шырока асьвятлялася ў медыях як “гераічныя ворганы змагаюцца з злачынствам”.
Але як я ўжо адзначыла, што каб разабрацца з такім відам злачыннасьці псыхапатычны дыктатар далёка не патрэбны. Дастаткова проста жорсткага лідара. А што да дзяржаўнай мафіі - то бок, што датычыцца непасрэдна кішэняў грамадзян, то яны ўжо былі пустыя. Спыняць ужо не было чаго. Хіба, пабаўбатаў ён тады, як заўсёды, нешта наконт “вяртаньня ўкладаў” і кропка.
То бок, прыход Лукашэнкі быў не сымбалем змаганьня з мафіёзным урадам, а ягонай легалізацыяй. А зараз пранікнем у прыроду гэтай самой мафіі. Партыі ж ужо не было. Ва урадзе ўсе думаюць па-рознаму, але ўсё гэта было арганізавана і выканана даволі чотка. Болей за тое - ў палітычным сэнсе яно было зроблена менавіта каб прывесьці Лукашэнку ва ўладу. Лукашэнку ўзялі ў КДБ яшчэ падчас службы ў войску. Дарэчы, ў Расеі паўтарылі практычна тое ж самае прывёўшы Пуціна.
Зараз, чаму зрабілі “па-Леніну”. Бо гэта па-сутнасьці тая ж калектывізацыя. Калі ў вас ёсьць той жа рахунак у банку, то вы - чалавек заможны і такога прымусіць рабіць “што скажуць” цяжка. Трэба было людзей зрабіць галечымі, то бок, “раскулачыць”. Можна назваць гэта “гібрыдным раскулачваньнем”. То бок, грошы аселі ў прыватных кішэнях, але гэта кішэні чэкістаў. А ў іх “ідэі”! То бок, яны лічаць сябе ня меньш як “сьвятымі”, што вядуць народ да “сьветлай будучыні”. Адным словам, хворыя людзі.
Гэта значыць, што ворганы бясьпекі дэмакратычная Беларусь мусіць ствараць з нуля. Вось так: цалкам зьліквідаваць КДБ і ствараць дэмакратычныя прафэсійныя ворганы бясьпекі, дзе будзе асобна контрвыведка, зьнешняя выведка, ваенная контрвыведка і ўрадавая сувязь, то бок адзіны ворган замест КДБ ствараць таксама недапушчальна. Ляяльнымі яны мусяць быць толькі Канстытуцыі, згодна якой Рэспубліка Беларусь гэта прававая дэмакратычная дзяржава. Губляць тут ужо няма чаго. Чэкісты ўжо ледзь не кожны дзень кагосьці выкрадаюць-забіваюць.